Ваш гид в законодательстве Республики Беларусь


Печать

Постановление Минобразования РБ 173 30.06.2020 Аб зацвярджэнні вучэбных праграм факультатыўных заняткаў

ПАСТАНОВА МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

30 чэрвеня 2020 г. № 173

Аб зацвярджэнні вучэбных праграм факультатыўных заняткаў

На падставе часткі першай пункта 12 артыкула 167 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ПАСТАНАЎЛЯЕ:

1.Зацвердзіць:

1.1.вучэбную праграму факультатыўных заняткаў «Палітыка беларусізацыі ў 1920-ыя гг.» па вучэбным прадмеце «Гісторыя Беларусі» для X класа ўстаноў адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі (дадаецца);

1.2.вучэбную праграму факультатыўных заняткаў «Вялікая Айчынная вайна савецкага народа (у кантэксце Другой сусветнай вайны)» па вучэбным прадмеце

«Гісторыя Беларусі» для Х класа ўстаноў адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі (дадаецца);

1.3.вучэбную праграму факультатыўных заняткаў «Асновы этнаграфіі Беларусі» па вучэбным прадмеце «Гісторыя Беларусі» для X (XI) класа ўстаноў адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі (дадаецца);

1.4.вучэбную праграму факультатыўных заняткаў «Ад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі да Рэспублікі Беларусь: выбар шляхоў развіцця» па вучэбным прадмеце «Гісторыя Беларусі» для XI класа ўстаноў адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі (дадаецца).

2.Дадзеная пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.

Міністр          І.В.Карпенка

 

ЗАЦВЕРДЖАНА

Пастанова Міністэрства адукацыі

Рэспублікі Беларусь 30.06.2020 № 173

 

Вучэбная праграма факультатыўных заняткаў «Палітыка беларусізацыі ў 1920-ыя гг.» па вучэбным прадмеце «Гісторыя Беларусі» для Х класа ўстаноў адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі

ГЛАВА 1

АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЕННІ

1.Дадзеная вучэбная праграма факультатыўных заняткаў «Палітыка беларусізацыі ў 1920-ыя гг.» (далей – вучэбная праграма) распрацавана для Х класа ўстаноў адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі.

2.Вучэбная праграма разлічана на 35 гадзін (1 гадзіна ў тыдзень).

3.Мэта – пашырыць і паглыбіць веды вучняў па праблеме сутнасці і развіцця палітыкі беларусізацыі ў 1920-ыя гг.

4.Задачы:

на падставе гістарыяграфічных і дакументальных матэрыялаў раскрыць вытокі, прычыны, мэты і сутнасць беларускай нацыянальна-культурнай палітыкі ў 1920-ыя гг., яе вынікі і здабыткі;

садзейнічаць развіццю пазнавальнай цікавасці вучняў да праблем гісторыі Беларусі; фарміраваць уменні і навыкі вучняў, патрэбныя для самастойнага даследавання праблем гісторыі;

спрыяць выхаванню ў вучняў пачуцця патрыятызму, нацыянальнай і грамадзянскай свядомасці.

5.Рэкамендуемыя формы і метады навучання: правядзенне ўрокаў-практыкумаў, семінараў, на якіх вучні будуць працаваць з рознымі гістарычнымі крыніцамі інфармацыі (дакументамі, навуковай, навукова-папулярнай, энцыклапедычнай літаратурай), на аснове раней атрыманых ведаў і ўменняў самастойна рашаць пазнавальныя задачы і праблемныя заданні, прадстаўляць вынікі індывідуальнай і калектыўнай пазнавальнай дзейнасці.

6.Вучні, якія засвоілі змест прапанаванай вучэбнай праграмы, павінны:

6.1.атрымаць уяўленні аб:

сутнасці, шляхах, формах і метадах ажыццяўлення палітыкі беларусізацыі ў 1920-ыя гг.;

адносінах насельніцтва да палітыкі беларусізацыі;

дасягненнях, праблемах у працэсе ажыццяўлення беларускай нацыянальна- культурнай палітыкі;

здабытках культурнага будаўніцтва ў 1920-ыя гг.;

выніках і ўроках ажыццяўлення беларускай нацыянальна-культурнай палітыкі ў 1920-ыя гг.;

6.2.навучыцца:

працаваць з гістарычнымі дакументамі, навукова-папулярнай і даведачнай літаратурай, перыядычнымі выданнямі, гістарычнымі картамі, аналізаваць і параўноўваць інфармацыю розных крыніц;

весці пошук гістарычнай літаратуры ў каталогах (у тым ліку электронным); даваць характарыстыку гістарычных падзей, аргументаваць свае адносіны да іх;

аналізаваць, абагульняць і ацэньваць гістарычныя факты, устанаўліваць прычынна- выніковыя сувязі паміж імі;

рыхтаваць паведамленне (даклад, рэферат), выступаць з ім, разгортваць дыскусію.

ГЛАВА 2

ЗМЕСТ ВУЧЭБНАГА МАТЭРЫЯЛА

Х клас (35 гадзін) Уводзіны (1 гадзіна)

Шырокае і вузкае разуменне паняцця «беларусізацыя». Сутнасць палітыкі

беларусізацыі. Этапы правядзення палітыкі беларусізацыі ў 1920-ыя гг. Крыніцы па вывучэнні праблем ажыццяўлення беларускай нацыянальна-культурнай палітыкі ў 1920-ыя гг.

Ажыццяўленне палітыкі беларусізацыі (15 гадзін)

Вытокі беларусізацыі. Беларускі нацыянальна-вызваленчы рух у пачатку ХХ ст. Стварэнне беларускай дзяржаўнасці. Беларусізацыя – частка нацыянальнай палітыкі. Ініцыятары і аўтары палітыкі беларусізацыі (А. Чарвякоў, З. Жылуновіч, У. Ігнатоўскі, А. Бурбіс, А. Баліцкі).

Пачатак афіцыйнага курса на ажыццяўленне палітыкі беларусізацыі. Вызначэнне шляхоў і метадаў ажыццяўлення палітыкі беларусізацыі ў дакументах Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі (далей – КП(б)Б). Даклад А. Чарвякова «Нацыянальныя моманты ў дзяржаўным і партыйным будаўніцтве» на VII з’ездзе КП(б)Б (сакавік 1923 г.). Пастанова 2-й сесіі Цэнтральнага Выканаўчага Камітэту (далей – ЦВК) Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (далей – БССР) «Аб практычных мерапрыемствах па правядзенню нацыянальнай палітыкі» (15 ліпеня 1924 г.): курс на правядзенне беларусізацыі як дзяржаўнай палітыкі.

Шляхі, формы і метады ажыццяўлення палітыкі беларусізацыі. Асаблівасці нацыянальнага складу насельніцтва. Спецыфіка моўнай сітуацыі. Пашырэнне сферы функцыянавання беларускай мовы. Праца культурна-асветніцкіх устаноў па павышэнні нацыянальнай свядомасці беларускага насельніцтва. Карэнізацыя і яе сутнасць. Друк на нацыянальных мовах. Адметнасці нацыянальна-культурнай палітыкі ва ўсходніх беларускіх губернях.

Акадэмічная канферэнцыя па рэформе беларускага правапісу і азбукі. Мэта канферэнцыі. Геаграфія дэлегатаў канферэнцыі. Міжнароднае гучанне канферэнцыі. Даклад С. Некрашэвіча «Сучасны стан беларускай мовы». Знаёмства з набыткамі слоўнікавай камісіі Інстытута беларускай культуры. Значэнне канферэнцыі.

Праблемы на шляху правядзення палітыкі беларусізацыі. Супрацьдзеянне правядзенню палітыкі беларусізацыі з боку чыноўнікаў, русіфікаваных выкладчыкаў і настаўнікаў. Непрыняцце беларускай мовы і культуры групай партыйных і дзяржаўных дзеячаў. Адносіны насельніцтва да палітыкі беларусізацыі. Тэндэнцыя да антыбеларусізацыі.

Вынікі першага этапу правядзення палітыкі беларусізацыі (1924–1927 гг.). Прыняцце і пачатак актыўнага правядзення ў жыццё партыйных і дзяржаўных рашэнняў. Агітацыйна-арганізацыйная работа па ажыццяўленні палітыкі беларусізацыі. Вынікі першага года ажыццяўлення палітыкі беларусізацыі ў БССР (паводле рэзалюцыі пленума Цэнтральнага Камітэта (далей – ЦК) КП(б)Б «Аб нацыянальнай палітыцы» (13 кастрычніка 1925 г.)). Пашырэнне выкарыстання роднай мовы. Палітыка беларусізацыі ў раёнах Сібіры і Далёкага Усходу. Задачы на другі этап ажыццяўлення палітыкі беларусізацыі.

Згортванне палітыкі беларусізацыі. Стан беларусізацыі ў канцы 1920-х гг. Пастанова Бюро ЦК КП(б)Б «Аб ходзе работы па беларусізацыі дзяржаўных, прафесіянальных, гаспадарчых і кааператыўных устаноў БССР» (25 верасня 1928 г.). Вывучэнне практыкі правядзення нацыянальнай палітыкі ў БССР Нацкамісіяй пры ЦВК БССР. Прычыны згортвання палітыкі беларусізацыі ў канцы 1920 – пачатку 1930-х гг.

Развіццё нацыянальнай культуры ў 1920-ыя гг. (17 гадзін)

Адукацыя. Ліквідацыя непісьменнасці і малапісьменнасці. Стварэнне сістэмы народнай адукацыі. Рэарганізацыя школ. Падручнікі. Падрыхтоўка настаўніцкіх кадраў. Сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. Вышэйшыя навучальныя ўстановы.

Нараджэнне і станаўленне беларускай савецкай навукі. У. Ігнатоўскі – ініцыятар стварэння Навукова-тэрміналагічнай камісіі пры Наркамаце асветы. Інстытут беларускай культуры. Беларуская акадэмія навук. Беларускі дзяржаўны музей як навукова-даследчая ўстанова. Навукова-даследчыя інстытуты.

Развіццё краязнаўства. Краязнаўчыя арганізацыі і гурткі. Цэнтральнае бюро краязнаўства пры Інстытуце беларускай культуры. І Усебеларуская краязнаўчая канферэнцыя (лістапад 1924 г.). І Усебеларускі краязнаўчы з’езд (люты 1926 г.). Краязнаўчыя выданні.

Развіццё літаратуры. Асноўныя тэндэнцыі ў развіцці беларускай літаратуры ў 1920-ыя гг. Літаратурныя аб’яднанні: «Маладняк» (М. Чарот, К. Чорны, У. Дубоўка, П. Трус), «Узвышша» (К. Чорны, У. Дубоўка, З. Бядуля), «Полымя» (М. Чарот, Я. Колас, Я. Купала), Беларуская асацыяцыя пралетарскіх пісьменнікаў (далей – БелАПП) (З. Бядуля, К. Чорны).

Тэатральнае жыццё. Беларуская драматычная студыя ў Маскве. Беларускі дзяржаўны тэатр (Ф. Ждановіч, Е. Міровіч, Л. Літвінаў). Другі Беларускі дзяржаўны тэатр (П. Малчанаў, C. Станюта, А. Ільінскі). Беларускі дзяржаўны вандроўны тэатр. Асноўныя тэндэнцыі ў развіцці беларускай драматургіі. Цэнзура ў тэатральным мастацтве.

Выяўленчае мастацтва і скульптура. Асноўныя тэндэнцыі ў развіцці беларускага выяўленчага мастацтва (М. Станюта, М. Філіповіч, Я. Кругер, У. Кудрэвіч). Экспедыцыя па вывучэнні беларускай народнай творчасці. Станаўленне беларускай скульптуры. Станковы партрэт (А. Грубэ, А. Бразер).

Перыядычны друк і выдавецкая справа. Газеты («Звязда», «Беларуская вёска», «Савецкая Беларусь», «Чырвоная змена», «Рабочий»). Часопісы («Вольны сцяг», «Полымя», «Маладняк», «Узвышша»). Выдавецтвы (Дзяржаўнае выдавецтва БССР,

кааператыўна-выдавецкае таварыства «Адраджэнне», выдавецтва «Савецкая Беларусь», Беларускае дзяржаўнае выдавецтва, газетна-часопісныя выдавецтвы).

Кіно. Станаўленне беларускага кіно. Кінастудыя «Савецкая Беларусь». Ю. Тарыч («Лясная быль», «Да заўтра»). У. Гардзін («Кастусь Каліноўскі»).

Вопыт і праблемы ў працэсе ажыццяўлення палітыкі беларусізацыі ў 1920-я гг. Вынікі і ўрокі ажыццяўлення беларускай нацыянальна-культурнай палітыкі ў 1920-ыя гг.

Падагульненне вывучанага (2 гадзіны)

 

ЗАЦВЕРДЖАНА

Пастанова Міністэрства адукацыі

Рэспублікі Беларусь 30.06.2020 № 173

 

Вучэбная праграма факультатыўных заняткаў «Вялікая Айчынная вайна савецкага народа (у кантэксце Другой сусветнай вайны)» па вучэбным прадмеце «Гісторыя Беларусі» для Х класа ўстаноў адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі

ГЛАВА 1 АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЕННІ

1.Дадзеная вучэбная праграма факультатыўных заняткаў «Вялікая Айчынная вайна савецкага народа (у кантэксце Другой сусветнай вайны)» (далей – вучэбная праграма) распрацавана для Х класа ўстаноў адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі.

2.Вучэбная праграма разлічана на 35 гадзін (1 гадзіна ў тыдзень).

3.Мэта – выхаванне патрыятычных і грамадзянскіх пачуццяў, адказнасці за будучыню Радзімы і сусветнага супольніцтва, нацыянальнай годнасці.

4.Задачы:

выхоўваць пачуццё адказнасці за будучыню Радзімы і сусветнага супольніцтва, садзейнічаць кансалідацыі беларускага грамадства;

пашырыць, паглыбіць і сістэматызаваць веды вучняў аб галоўных падзеях Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў, іх уздзеянні на жыццядзейнасць народаў Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (далей – СССР) у тыле і на акупіраванай тэрыторыі;

раскрыць узаемаўплыў і ўздзеянне падзей на франтах Вялікай Айчыннай і Другой сусветнай войнаў на лёс народаў Еўропы, СССР, трагедыю і выпрабаванні, якія выпалі на долю беларускага народа;

садзейнічаць развіццю гістарычнага мыслення і інтэлектуальных здольнасцей вучняў, фарміраванню гісторыка-пазнавальнай, каштоўнасна-светапогляднай, сацыяльна- камунікатыўнай, інфармацыйнай кампетэнтнасці.

5.Рэкамендуемыя формы і метады навучання: асаблівую ўвагу неабходна надаць вывучэнню дакументальных матэрыялаў (афіцыйных дакументаў, статыстычных дадзеных, успамінаў сучаснікаў – сведкаў ваенных падзей, картаграфічных матэрыялаў), частка з якіх будзе прадстаўлена ў падручніку. Гэта дазволіць вучням атрымаць больш дакладнае ўяўленне аб складаных падзеях вайны, зразумець іх неадназначнасць, сфарміраваць асабісты пункт гледжання на іх змястоўны і сутнасны сэнс, даць ім абгрунтаваную ацэнку.

Змест вучэбнай праграмы дазваляе прыцягваць да работы краязнаўчы матэрыял, праводзіць вучнёўскія даследванні і ажыццяўляць пашуковую дзейнасць. Частку факультатыўных заняткаў можна выкарыстоўваць для арганізацыі экскурсій у мясцовыя музеі, правядзення сустрэч з ветэранамі і ўдзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны, наведвання месцаў баёў і мемарыяльных комплексаў.

6.Вучні, якія засвоілі змест прапанаванай вучэбнай праграмы, павінны:

6.1.навучыцца:

лакалізаваць асноўныя падзеі Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў у часе і прасторы;

характарызаваць геапалітычнае становішча краін з апорай на гістарычную карту; характарызаваць і ацэньваць дзейнасць вядомых палітычных і дзяржаўных дзеячаў; выказваць асабісты пункт гледжання пры абмеркаванні гістарычных праблем і

аргументавана яго абараняць;

выкарыстоўваць метады вучэбнага гістарычнага даследвання (фармуляваць праблемы, ажыццяўляць збор, сістэматызацыю і абагульненне факталагічнага матэрыялу, ажыццяўляць прэзентацыю вынікаў асабістага даследвання);

6.2.умець:

вызначаць прычынна-следчыя сувязі паміж гістарычнымі фактамі (падзеямі, з’явамі, працэсамі);

сістэматызаваць, класіфікаваць і абагульняць гістарычныя факты і рабіць на гэтай аснове аргументаваныя высновы;

канкрэтызаваць вывады, гістарычныя паняцці з дапамогай факталагічнага матэрыялу;

тлумачыць розныя пункты гледжання на адны і тыя ж гістарычныя факты.

ГЛАВА 2

ЗМЕСТ ВУЧЭБНАГА МАТЭРЫЯЛА

Уводзіны (1 гадзіна)

Мэты і задачы факультатыўных заняткаў. Войны, іх характар і мэты. Справядлівыя, захопніцкія, вызваленчыя, грамадзянскія, лакальныя, сусветныя. Другая сусветная вайна, Вялікая Айчынная вайна, іх мэты і характар. ХХІ стагоддзе: праблема вайны і міру.

Міжнароднае супольніцтва напярэдадні і ў пачатку Другой сусветнай вайны (6 гадзін)

Міжнароднае становішча напярэдадні Другой сусветнай вайны. Абвастрэнне міжнародных адносін ў 30-х гадах ХХ стагоддзя. Антыкамінтэрнаўскі пакт. Ачагі ваеннай напружанасці ў Еўропе, Афрыцы і Далёкім Усходзе. Мюнхенскае пагадненне. Палітыка ўміратварэння і спробы стварэння сістэмы калектыўнай бяспекі. Савецка-французска- англійскія перамовы. Дагавор аб ненападзенні паміж Германіяй і Савецкім Саюзам. Сакрэтны дадатковы пратакол да Дагавору аб ненападзенні паміж Германіяй і СССР.

Пачатак Другой сусветнай вайны. Прычыны і характар Другой сусветнай вайны. Нападзенне Германіі на Польшчу. Уступленне савецкіх войск у Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну. Уз’яднанне Беларусі. Сацыяльна-эканамічныя і палітычныя пераўтварэнні ў заходніх абласцях БССР. Савецка-фінляндская вайна. «Дзіўная вайна». Германская акупацыя краін Еўропы. Далучэнне прыбалтыйскіх рэспублік да СССР. Падрыхтоўка Германіі да вайны з СССР.

СССР і Беларусь напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны: эканоміка, сельская гаспадарка, навука, культура, адукацыя, жыццёвы ўзровень людзей. Мерапрыемствы партыйных савецкіх і гаспадарчых органаў па ўмацаванні абароназдольнасці краіны. Ваенна-патрыятычная і абаронча-масавая работа. Узброеныя сілы СССР. Заходняя Асобая ваенная акруга.

Барацьба супраць фашысцкай агрэсіі (1941–1944 гг.) (20 гадзін)

Пачатак Вялікай Айчыннай вайны. Мэты нацысцкай Германіі супраць Савецкага Саюза. План «Барбароса». Суадносіны ўзброеных сіл Германіі і СССР. Нападзенне Германіі на СССР. Прыгранічныя баі. Дзейнасць савецкага кіраўніцтва па арганізацыі абароны краіны: мабілізацыя, народнае апалчэнне, эвакуацыя.

Крах «маланкавай вайны». Абарончыя баі ў Беларусі. Захоп Беларусі германскім вермахтам. Гераізм, мужнасць і трагедыя абаронцаў. Смаленская бітва. Баіна ленінградскім накірунку і на Украіне. Маскоўская бітва: абарона Масквы, контрнаступленне савецкіх войск пад Масквой. Уступленне ў вайну Злучаных Штатаў Амерыкі і Японіі. Утварэнне антыгітлераўскай кааліцыі. Прычыны няўдач войск Чырвонай Арміі летам 1941 г.

Акупацыйны рэжым. Насаджэнне «новага парадку». Адміністрацыйна- тэрытарыяльны падзел акупіраванай тэрыторыіі СССР. Генеральная акруга Беларусь. Акупацыйны апарат кіравання (склад і структура): камісарыяты, управы, дапаможны апарат кіравання, паліцэйскія фарміраванні. Калабарцыянізм: Беларуская Народная Самапомач (БНС), Беларуская самаахова (БСА), Саюз Беларускай Моладзі (СБМ), Беларуская Рада Даверу (БРД), Беларуская Цэнтральная Рада (БЦР), Беларуская Краёвая Абарона (БКА).

Палітыка генацыду, рабавання і насілля. Палітыка генацыду: канцэнтрацыйныя лагеры, гета, турмы. Карныя аперацыі. Дэпартацыя насельніцтва на прымусовую працу ў Германію. «Остарбайтэры». Эканамічная палітыка германскіх акупацыйных улад. Прапагандысцкая, культурна-асветніцкая, нацыянальная і рэлігійная палітыка акупантаў.

Антыфашысцкае супраціўленне на акупіраваных тэрыторыях. Рух Супраціўлення ў краінах Еўропы. Партызанскі рух. Партызанскія атрады, брыгады і злучэнні. Стварэнне Цэнтральнага (ЦШПР) і Беларускага (БШПР) штабоў партызанскага руху. Колькасны склад партызан.

Падпольная барацьба. Партыйнае, камсамольскае падполле, антыфашысцкія групы і арганізацыі ва ўмовах акупацыі, іх структура. Колькасны склад падпольшчыкаў Беларусі. Агітацыйна-прапагандысцкая дзейнасць патызан і падпольшчыкаў. Сабатаж насельніцтвам эканамічнай палітыкі захопнікаў.

Баявая, дыверсійная і агітацыйна-прапагандысцкая дзейнасць партызан і падпольшчыкаў. Дыверсіі на чыгунцы і шашэйных дарогах. «Рэйкавая вайна». Разгром варожых гарнізонаў. Партызанскія рэйды. Партызанская разведка. Барацьба супраць карных аперацый. Партызанскія зоны. Прапаганда і агітацыя сярод партызан і насельніцтва. Узаемадзеянне і ўзаемаадносіны партызан, падпольшчыкаў і насельніцтва. Дапамога савецкага тыла партызанам і падпольшчыкам.

Дзейнасць Арміі Краёвай, Арганізацыі украінскіх нацыяналістаў (АУН) і украінскай паўстанцкай арміі (УПА). Узаемаадносіны і формы барацьбы.

Формы і метады барацьбы падпольшчыкаў. Дзейнасць падпольшчыкаў Мінска, Магілёва, Гомеля, Віцебска, Брэста, Гродна і іншых гарадоў Беларусі. Дыверсійная работа на чыгуначных вузлах Оршы, Асіповіч, Калінкавіч, Полацка і іншых чыгуначных вузлах. Супраціўленне ў канцэнтрацыйных лагерах і гета. Складанасці і цяжкасці падпольнай і дыверсійнай барацьбы. Гераізм і мужнасць партызан і падпольшчыкаў.

Карэнны пералом у Вялікай Айчыннай вайне. Ад Масквы да Сталінграда. Сталінградская і Курская бітвы. Ваенныя дзеянні Чырвонай Арміі па вызваленні заходніх рэгіёнаў СССР. Пачатак вызвалення Беларусі. Першы вызвалены раённы цэнтр – Камарын. Вызваленне Гомеля, Рэчыцы і іншых гарадоў. Першыя аднаўленчыя мерапрыемствы. Праблема адкрыцця другога фронту. Тэгеранская канференцыя.

Вызваленне Беларусі ад германскіх захопнікаў. Беларуская наступальная аперацыя

«Баграціён». Баявая дзейнасць партызан і падпольшчыкаў. «Рэйкавая вайна». Дзеянні франтоў. Акружэнне і разгром германскіх груповак пад Віцебскам, Бабруйскам, Мінскам і іншымі гарадамі. Узаемадзеянне партызан, падпольшчыкаў і насельніцтва з вайскамі Чырвонай Арміі. Вызваленне Мінска. Партызанскі парад. Выгнанне германскіх захопнікаў з тэрыторыі Беларусі. Значэнне разгрому германскіх войск у Беларусі. Завяршэнне вызвалення тэрыторыі СССР.

Савецкі тыл у гады вайны. Перавод эканомікі на ваенныя рэйкі развіцця. Дзейнасць Дзяржаўнага Камітэта Абароны. Усходнія раёны СССР – асноўная ваенна-прамысловая база. Працоўны подзвіг савецкага народа. Дзейнасць беларускіх устаноў і арганізацый у тыле (Акадэмія Навук БССР, вышэйшыя навучальныя ўстановы, дзіцячыя дамы і іншыя).

«Усё для фронта! Усё для перамогі!» Уражэнцы Беларусі – героі тыла. Палітычная агітацыя і прапаганда. Культурнае і духоўнае жыццё савецкага народа.

Заканчэнне Вялікай Айчыннай і Другой сусветнай войнаў. Перамога! (6 гадзін) Разгром нацысцкай Германіі і мілітарысцкай Японіі. Вызваляльны паход у Еўропу.

Адкрыццё Другога фронту. Берлінская аперацыя. Сустрэча саюзнікаў на Эльбе. Капітуляцыя Германіі. Крымская і Патсдамская канферэнцыі. Нюрнбергскі працэс. Удзел воінаў беларусаў на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Беларусы ў складзе армій антыгітлераўскай кааліцыі і еўрапейскага руху Супраціўлення. Разгром Квантунскай арміі. Бамбардыроўка Хірасімы і Нагасакі. Капітуляцыя Японіі. Заканчэнне Другой сусветнай вайны. Міжнароднае значэнне Перамогі над германскім агрэсарам і яго саюзнікамі.

Вынікі і ўрокі вайны. Асноўныя фактары Перамогі СССР і яго саюзнікаў. Уклад савецкіх палкаводцаў у разгром агрэсараў (Г.К. Жукаў, А.М. Васілеўскі, І.В. Сталін, К.К. Ракасоўскі, Р.Я. Маліноўскі і інш.). Вынікі і маштабы вайны. Змяненні на геапалітычнай карце свету. Заснаванне Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (далей – ААН). Беларусь – адна з краін-заснавальніц ААН. Уклад савецкага і беларускага народа ў разгром нацысцкай Германіі. Людскія і матэрыяльныя страты савецкага народа. Судовыя справы над ваеннымі злачынцамі. Ахвяры Беларусі.

Памяць пра вайну. Ушанаванне памяці загінуўшых у Беларусі. Мемарыяльныя комплексы: Брэсцкая крэпасць – герой, «Хатынь», «Трасцянец», «Азарычы», «Курган Славы» і інш. Беларускі дзяржаўны музей Вялікай Айчыннай вайны, краязнаўчыя музеі. Гісторыка-дакументальная хроніка «Памяць». Ураджэнцы Беларусі – Героі Савецкага Саюза і поўныя кавалеры ордэна Славы.

Падагульненне вывучанага (1 гадзіна) Рэзерв вучэбнага часу (1 гадзіна)

 

ЗАЦВЕРДЖАНА

Пастанова Міністэрства адукацыі

Рэспублікі Беларусь 30.06.2020 № 173

 

Вучэбная праграма факультатыўных заняткаў «Асновы этнаграфіі Беларусі» па вучэбным прадмеце «Гісторыя Беларусі» для Х (ХІ) класа ўстаноў адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі

ГЛАВА 1

АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖэННІ

1.Дадзеная вучэбная праграма факультатыўных заняткаў «Асновы этнаграфіі Беларусі» (далей – вучэбная праграма) прызначана для Х (ХІ) класа ўстаноў адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі.

2.Вучэбная праграма разлічана на 35 гадзін (1 гадзіна ў тыдзень).

3.Мэта – азнаямленне вучняў з этнічнай гісторыяй і этнакультурнай спецыфікай Беларусі.

4.Задачы:

знаёмства вучняў з месцам і роляй этнаграфіі Беларусі ў сістэме гуманітарных навук, з асноўнымі метадамі палявых этнаграфічных даследаванняў, з гісторыяй этнаграфічнага вывучэння Беларусі, з асноўнымі этапамі этнічнай гісторыі Беларусі, з традыцыйнымі гаспадарчымі заняткамі беларусаў і іх матэрыяльнай культурай, з асаблівасцямі грамадскага і сямейнага быту беларусаў, з сістэмай беларускіх народных ведаў, уяўленняў і традыцыйных вераванняў; развіццё ў вучняў цікавасці да культуры свайго народа.

5.Рэкамендуемыя формы і метады навучання: рэалізацыі задач вучэбнай праграмы будзе спрыяць выкарыстанне актыўных формаў і метадаў арганізацыі пазнавальнай дзейнасці вучняў. Рэкамендуецца правядзенне практыкумаў, семінараў, на якіх вучні будуць працаваць з рознымі крыніцамі інфармацыі: дакументамі, навуковай, навукова- папулярнай, энцыклапедычнай літаратурай; на аснове раней атрыманых ведаў і ўменняў самастойна рашаць пазнавальныя задачы і праблемныя заданні, прадстаўляць вынікі індывідуальнай і калектыўнай пазнавальнай дзейнасці.

6.Вучні, якія засвоілі змест прапанаванай вучэбнай праграмы, павінны:

6.1.ведаць:

аб крыніцах і метадах этнаграфічных даследаванняў; этапах этнаграфічнага вывучэння Беларусі;

асноўных накірунках этнаграфічных даследаванняў у Рэспубліцы Беларусь; традыцыйных гаспадарчых занятках беларусаў;

асаблівасцях беларускага нацыянальнага адзення, жылля, кухні, дэкаратыўна- прыкладнога мастацтва;

аб народных традыцыях выхавання дзяцей, сямейных абрадах, традыцыйных рэлігійных уяўленнях беларусаў;

6.2.умець:

характарызаваць этнакультурную спецыфіку беларусаў, асноўныя этапы этнічнай гісторыі Беларусі;

аналізаваць і абагульняць факты і з’явы этнічнага характару, вызначаць іх сутнасць і прычыны, ацэньваць іх значэнне;

канструяваць азначэнне этнаграфічных паняццяў на аснове выяўлення іх істотных прыкмет;

канкрэтызаваць этнаграфічныя паняцці з дапамогай факталагічнага матэрыялу; самастойна арганізоўваць уласную вучэбна-пазнавальную дзейнасць: фармуляваць

задачу, канструяваць спосаб яе вырашэння, выконваць намечаныя дзеянні, кантраляваць і аналізаваць вынікі, рабіць іх прэзентацыю;

самастойна праводзіць вучэбнае даследаванне па этнаграфічнай тэме: фармуляваць праблему, ажыццяўляць збор, сістэматызацыю і абагульненне факталагічнага матэрыялу, рабіць прэзентацыю вынікаў асабістага навуковага пошуку;

выкарыстоўваць набытыя этнаграфічныя веды і ўменні ў паўсядзённым жыцці і практычнай дзейнасці, у тым ліку пры аналізе праблем развіцця сучаснага грамадства.

ГЛАВА 2

ЗМЕСТ ВУЧЭБНАГА МАТЭРЫЯЛА

Х (ХІ) клас (35 гадзін) Этнаграфія Беларусі як навука (6 гадзін)

Уводзіны ў этнаграфію Беларусі. Вызначэнне этнаграфіі. Яе месца ў сістэме гуманітарных   навук.    Этнас. Гістарычныя формы  этнічных супольнасцяў (Племя. Народнасць. Нацыя). Этнаграфічнае разуменне культуры.

Крыніцы і метады этнаграфічных даследаванняў. Праца з пісьмовымі крыніцамі. Музейныя калекцыі. Матэрыялы палявых даследаванняў. Метад непасрэднага назірання. Апытванне мясцовага насельніцтва. Збор этнаграфічных калекцый. Выкарыстанне дадзеных іншых навук. Методыка палявой этнаграфічнай дзейнасці.

Сумежныя дысцыпліны. Этнагеаграфія. Этналінгвістыка. Этнамузыкалогія. Этнічная псіхалогія. Этнапедагогіка. Этнаэкалогія.

Тыпы этнаграфічных класіфікацый. Геаграфічная класіфікацыя. Антрапалагічная класіфікацыя. Лінгвістычная класіфікацыя. Гаспадарча-культурная класіфікацыя.

Гісторыя этнаграфічнага вывучэння Беларусі (8 гадзін)

Этнаграфічныя звесткі пра Беларусь да канца XVIII ст. Антычныя і візантыйскія аўтары пра старажытнае насельніцтва Беларусі. Павучэнні епіскапа К. Тураўскага як гісторыка-этнаграфічная крыніца. «Паэма пра зубра» М. Гусоўскага як літаратурна- этнаграфічны помнік эпохі Адраджэння. Краязнаўча-этнаграфічны характар працы М. Ліцвіна «Пра норавы татараў, літвінаў і маскавіцян». Працы Я. Ласіцкага і А. Гваньіні.

Этнаграфічнае вывучэнне Беларусі ў канцы XVIII – першай палове XIX стст. А. Нарушэвіч. Г. Калантай. М. Чарноўская. 3. Даленга-Хадакоўскі. Я. Баршчэўскі. Этнаграфічныя звесткі ў працах У Сыракомлі, П. Шпілеўскага, Р. Падбярэскага. Фальклорныя зборнікі Я. Чачота. Экспедыцыі І. Ляпёхіна, В. Севяргіна. Этнаграфічныя працы А. Рыпінскага і братоў Тышкевічаў.

Развіццё беларускай этнаграфіі ў другой палове XIX–пачатку XX ст. А. Кіркор, І. Насовіч, М. Дзмітрыеў, Ю. Крачкоўскі, П. Бяссонаў. Рэгіянальны прынцып у этнаграфічных даследаваннях П. Шэйна, У. Дабравольскага, М. Нікіфароўскага, Е. Раманава. Этнаграфічная спадчына М. Федароўскага, М. Доўнар-Запольскага, А. Багдановіча, А. Сержпутоўскага, І. Сербава і Я. Карскага.

Беларуская этнаграфія ў 1918–1945 гг. Працы Ш. Сербава, А. Сержпутоўскага, А. Шлюбскага, М. Мялешкі, М. Нікольскага. В. Ластоўскі. Н. Лебедзева. Этнаграфічнае вывучэнне Заходняй Беларусі. К. Машынскі. Ч. Пяткевіч. «Дзённік» Я. Драздовіча.

Беларуская этнаграфія ў 1945–1991 гг. «Паходжанне і гісторыя беларускай вясельнай абраднасці» М. Нікольскага. Стварэнне Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук БССР. Асноўныя накірункі этнаграфічных даследаванняў. Музей народнай архітэктуры і побыту. Музей старажытнабеларускай культуры. В. Бандарчык. В. Цітоў. Л. Малчанава. М. Піліпенка. Г. Каспяровіч.

Этнаграфічная навука ў Рэспубліцы Беларусь. Працы супрацоўнікаў Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. Серыя «Беларусы». Т. Валодзіна. С. Сергачоў. А. Лакотка. В. Фадзеева. В. Лабачэўская. «Студэнцкае этнаграфічнае таварыства». «Этна».

Этнічная гісторыя Беларусі (5 гадзін)

Разгляд тапонімаў-этнонімаў. Белая Русь. Чорная Русь. Чырвоная Русь.

Этнічная гісторыя Беларусі да канца XVIII ст. Раннія этапы этнічнай гісторыі Беларусі (ад старажытнасці да XII ст.). Этнічныя супольнасці крывічоў, радзімічаў і дрыгавічаў. Беларускія землі ў складзе Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Структура этнічнай самасвядомасці беларусаў у XIV–XVI стст. Этнічны крызіс сярэдзіны XVII ст.

Фарміраванне і станаўленне беларускай нацыі. Умовы фарміравання беларускай нацыі ў XIX–пачатку XX ст. Нацыянальна-вызваленчы рух і змены ў самасвядомасці беларусаў. Нацыянальны ўздым 1910–1920-х гг. Беларускі этнас у 1930–1980-х гг. Сучаснае становішча беларускай нацыі. Беларуская дыяспара.

Традыцыйная матэрыяльная культура і нацыянальны побыт беларусаў (8 гадзін) Традыцыйныя    гаспадарчыя заняткі беларусаў. Земляробства. Жывёлагадоўля.

Традыцыйныя промыслы: рыбалоўства, паляванне, бортніцтва, збіральніцтва. Традыцыйныя рамёствы: кавальства, ганчарства, дрэваапрацоўка, ткацтва, кушнерства, саломапляценне, бондарства.

Беларускае традыцыйнае адзенне. Народныя строі. Касцюм. Мужчынскае адзенне.

Жаночае адзенне. Шляхецкае адзенне. Дзіцячае адзенне. Галаўныя ўборы. Абутак.

Традыцыйнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Яго сімволіка. Кераміка. Разьба па дрэве. Дываны і габелены. Народныя тканіны. Слуцкія паясы. Беларускія ручнікі.

Традыцыйныя тыпы паселішчаў. Горад, мястэчка, сяло, вёска, засценак, аколіца, хутар.

Сялянская сядзіба. Тры асноўныя тыпы сялянскага двара. Жыллё і гаспадарчыя пабудовы. Рэгіянальныя асаблівасці планіроўкі. Інтэр’ер традыцыйнага жылля. Прадметы побыту.

Беларуская традыцыйная кухня. Нацыянальныя стравы беларусаў. Лакальныя і сацыяльныя асаблівасці харчавання. Абрадавая ежа. Паўсядзённая ежа. Пост.

Сямейны побыт. Гістарычныя формы сям’і ў беларусаў. Вялікая сям’я: структура, сістэма кіравання, маёмасныя адносіны. Малыя сем’і. Сем’і са здольнікамі. Традыцыі народнага выхавання беларусаў.

Грамадскі побыт. Грамада. Талака. Братчына. Сябрына. Бонда. Працэс сацыялізацыі.

Традыцыйная духоўная культура беларусаў (5 гадзін)

Сямейная абраднасць беларусаў. Радзіны. Хрэсьбіны. Вяселле.Пахаванне.

Памінанні. Лакальныя асаблівасці сямейнай абраднасці.

Каляндарная абраднасць беларусаў. Гуканне вясны. Саракі. Дабравешчанне. Вялікдзень. Юр’я. Сёмуха. Русальны тыдзень. Купалле. Ілля. Зажынкі. Дажынкі. Багач. Дзяды. Каляды. Масленіца. Асаблівасці каляндарнай абраднасці гісторыка-культурных рэгіёнаў Беларусі.

Беларускі фальклор. Замовы. Абрадавы фальклор. Пазаабрадавы і ліра-эпічны фальклор. Малыя жанры фальклору. Прыказкі і прымаўкі. Загадкі. Казкі. Легенды і паданні. Анекдоты. Дзіцячы фальклор. Народнае музычна-харэаграфічнае мастацтва. Ігрышчы. Гульні і забавы. Народны тэатр. Батлейка.

Народныя веды. Астраномія і касмагонія. Метэаралогія. Метралогія. Медыцына.

Ветэрынарыя.

Традыцыйныя рэлігійныя ўяўленні беларусаў. Дахрысціянскія вераванні. Народная дэманалогія. Магічныя практыкі: чарадзейства, знахарства, варажба. Сінтэз паганскіх і хрысціянскіх элементаў.

Падагульненне вывучанага (2 гадзіны) Рэзерв вучэбнага часу (1 гадзіна)

 

ЗАЦВЕРДЖАНА

Пастанова Міністэрства адукацыі

Рэспублікі Беларусь 30.06.2020 № 173

 

Вучэбная праграма факультатыўных заняткаў «Ад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі да Рэспублікі Беларусь: выбар шляхоў развіцця» па вучэбным прадмеце «Гісторыя Беларусі» для XI класа ўстаноў адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі

ГЛАВА 1

АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖэННІ

1.Дадзеная вучэбная праграма факультатыўных заняткаў «Ад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі да Рэспублікі Беларусь: выбар шляхоў развіцця» (далей – вучэбная праграма) прызначана для XI класа ўстаноў адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі.

2.Вучэбная праграма разлічана на 35 гадзін (1 гадзіна ў тыдзень).

3.Мэта – авалоданне вучнямі асновамі ведаў аб падзеях, з’явах, працэсах, тэндэнцыях у гісторыі Беларусі другой паловы 1940-х гг. – пачатку ХХІ ст., пададзеных рэпрэзентатыўна ў форме адпаведных дакументаў і матэрыялаў крыніцазнаўчага характару ў іх узаемасувязі і ўзаемаабумоўленасці.

4.Задачы:

сістэматызацыя і абагульненне тэарэтычнага, факталагічнага і ацэначнага кампанентаў вучэбных гістарычных ведаў аб гісторыі Беларусі другой паловы 1940-х гг. – пачатку ХХІ ст.;

асэнсаванне навучэнцамі тэндэнцый і перспектыў развіцця беларускага грамадства ў пасляваенны час і на сучасным этапе і фарміраванне на гэтай падставе інтэлектуальных якасцей асобы, неабходных для аналізу сацыяльнай рэчаіснасці і прагназіравання ўласнай жыццядзейнасці, у тым ліку прафесійнага самавызначэння;

фарміраванне грамадзянскага патрыятызму і нацыянальнай самасвядомасці, пачуцця гонару за культурна-гістарычныя дасягненні беларускага народа.

5.Рэкамендуемыя формы і метады навучання: арганізацыя ў максімальнай ступені самастойнай практыка-арыентаванай дзейнасці вучняў па засваенні адпаведнага зместу праз фарміраванне адпаведных уменняў, звязаных з арыентацыяй у вучэбным інфармацыйным асяроддзі.

6.Вучні, якія засвоілі змест прапанаванай вучэбнай праграмы, павінны:

6.1.ведаць:

накірункі эвалюцыі эканамічнага становішча і савецкай палітычнай сістэмы ў Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (далей – БССР) у перыяд пасляваеннага аднаўлення;

асноўныя тэндэнцыі грамадска-палітычнага і сацыяльна-эканамічнага жыцця беларускага народа ў другой палове 1950-х–1980-я гг.;

сутнасныя рысы беларускай савецкай літаратуры і мастацтва;

тэндэнцыі і перспектывы станаўлення і развіцця суверэннай Рэспублікі Беларусь;

6.2.умець:

суадносіць (параўноўваць) адпаведныя падзеі, з’явы і працэсы айчыннай і сусветнай гісторыі найноўшага часу на падставе пісьмовых гістарычных крыніц рознага характару;

тлумачыць прычынна-выніковыя сувязі паміж узаемаабумоўленымі гістарычнымі падзеямі, з’явамі і працэсамі;

ацэньваць вынікі дзейнасці гістарычных асоб і дзеячаў культуры і характарызаваць матывацыйную аснову іх дзейнасці;

адрозніваць гістарычныя факты ад іх інтэпрэтацыі;

канкрэтызаваць з дапамогай дакументаў і матэрыялаў тэарэтычныя высновы і паняцці;

супастаўляць і тлумачыць розныя пункты гледжання на гістарычныя падзеі, прадстаўленыя ў дакументах;

ажыццяўляць пошук, збор, сістэматызацыю і абагульненне неабходнай гістарычнай інфармацыі, прадстаўленай у крыніцах рознага тыпу.

ГЛАВА 2

ЗМЕСТ ВУЧЭБНАГА МАТЭРЫЯЛА

ХІ класс (35 гадзін) Уводзіны (2 гадзіны)

Разнастайны характар дакументаў і матэрыялаў па гісторыі Беларусі другой паловы

1940-х гг. – пачатку ХХІ ст. Вучэбны алгарытм работы з гістарычнымі дакументамі і матэрыяламі. Спосабы дзейнасці, фарміруемыя пры працы з гістарычнымі дакументамі.

БССР у другой палове 1940-х – першай палове 1950-х гг. (6 гадзін)

Працоўны гераізм насельніцтва Беларусі пры пераадоленні наступстваў вайны. Характарыстыка і вызначэнне крыніц працоўнага энтузіязму і ролі сацыялістычнага спаборніцтва ў аднаўленні і развіцці прадпрыемстваў народнай гаспадаркі БССР у гады чацвёртай пяцігодкі.

Пасляваенная індустрыялізацыя БССР: яе асаблівасці і вынікі. Вызначэнне апераджальнай ролі цяжкай прамысловасці ў гады пятай пяцігодкі. Выхад на новы ўзровень прамысловага развіцця.

Асаблівасці аднаўлення сельскай гаспадаркі. Меры па аднаўленні сельскай гаспадаркі. Характарыстыка метадаў правядзення калектывізацыі ў заходніх абласцях Беларусі.

Асаблівасці грамадска-палітычнага жыцця БССР у першае пасляваеннае дзесяцігоддзе. Вызначэнне ролі і месца Камуністычнай партыі Беларусі ў савецкай грамадска-палітычнай сістэме. Характарыстыка сутнасці марксісцка-ленінскай ідэалогіі.

Асаблівасці культурнага жыцця беларускага народа. Вызначэнне ролі адукацыі і навукі ў БССР у пасляваенным адраджэнні рэспублікі. Параўнальны аналіз сістэмы ўсеагульнага 7-гадовага навучання, вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай школы БССР з сучасным адукацыйным асяроддзем.

Літаратура і мастацтва. Адлюстраванне прынцыпу партыйнасці і метаду сацыялістычнага рэалізму ў творчасці дзеячаў культуры ў першыя пасляваенныя гады.

БССР у другой палове 1950-х–1980-я гг.: дасягненні і праблемы грамадска-палітычнага, сацыяльна-эканамічнага і культурнага развіцця (13 гадзін)

Дэмакратызацыя грамадска-палітычнага жыцця ў БССР у другой палове 1950-х–першай палове 1960-х гг. Парадак правядзення выбараў у Саветы дэпутатаў працоўных. Характарыстыка дзейнасці К.Т. Мазурава. Характарыстыка дзяржаўнай палітыкі ў адносінах да царквы.

Сацыяльна-эканамічнае развіццё рэспублікі ў другой палове 1950-х–першай палове 1960-х гг. Фарміраванне прамысловага комплексу БССР. Вызначэнне індустрыяльнага характару эканомікі БССР. Умовы жыцця насельніцтва.

Грамадска-палітычнае становішча ў другой палове 1960-х – першай палове 1980-х гг. Роля дэпутатаў у грамадскім і сацыяльна-эканамічным жыцці насельніцтва рэспублікі. Канстытуцыйнае замацаванне кіруючай ролі Камуністычнай партыі. Характарыстыка дзейнасці П. М. Машэрава.

Сацыяльна-эканамічнае становішча БССР у другой палове 1960-х – першай палове 1980-х гг. Вызначэнне месца і ролі БССР у адзіным народнагаспадарчым комплексе Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (далей – СССР). Роля сацыялістычнага спаборніцтва ў развіцці прамысловасці і сельскай гаспадаркі. Дасягненні гаспадаркі БССР у міжнародным падзеле працы.

Развіццё сацыяльнай сферы. Параўнальны аналіз узроўню жыцця насельніцтва БССР на працягу другой паловы 1960-х – першай палове 1980-х гг. з сучасным. Вызначэнне характэрных рысаў паўсядзённага жыцця жыхароў БССР.

Грамадскасць БССР у падзеях міжнароднага жыцця. Водгукі і рэакцыя насельніцтва БССР на падзеі «Карыбскага крызісу» і падзеі 1968 г. у Чэхаславакіі. Вызначэнне ролі жанчын-прадстаўніц БССР у рэалізацыі палажэнняў міжнародных дамоўленасцей аб рэалізацыі праў жанчын.

Спробы паскарэння сацыяльна-эканамічнага развіцця ў другой палове 1980-х гг. Неабходнасць пераадольвання зніжэння тэмпаў эканамічнага росту. Характарыстыка праграмы пераходу БССР да рыначнай эканомікі. Вызначэнне ролі калгасна-саўгаснай формы вытворчасці ў развіцці аграрнага сектара эканомікі.

Сацыяльна-эканамічныя наступствы аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі (далей – АЭС) для насельніцтва Беларусі. Вызначэнне характару аварыі на АЭС як тэхнагеннай катастрофы і яе наступстваў для насельніцтва забруджаных раёнаў

Беларусі і яе гаспадаркі. Параўнанне пазіцыі прадстаўнікоў улады і грамадскасці па пытанні пераадолення сацыяльных наступстваў аварыі.

Вызначэнне палажэнняў Дзяржаўнай праграмы па пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Развіццё адукацыі і навукі ў БССР у другой палове 1950-х – 1980-я гг. Вызначэнне ролі вышэйшай і ўсеагульнай сярэдняй адукацыі, прафесійна-тэхнічнага навучання ў сацыяльна-эканамічным развіцці БССР. Вызначэнне характару ідэалагічнай работы сярод вучнёўскай моладзі па яе выхаванні. Характарыстыка дасягненняў вучоных БССР у фарміраванні індустрыяльнага грамадства ва ўмовах навукова-тэхнічнага прагрэсу.

Статус беларускай мовы ў другой палове 1950-х–1980-я гг. Характарыстыка нацыянальных адносін у СССР ва ўмовах існавання канцэпцыі аб фарміраванні новай гістарычнай супольнасці – савецкага народа. Вызначэнне прычын абмежавання ўжытку беларускай мовы. Характарыстыка падыходаў да вырашэння моўнага пытання ў БССР. Роля заканадаўчага афармлення статусу беларускай мовы.

Месца беларускай савецкай літаратуры ў грамадска-палітычным жыцці рэспублікі ў другой палове 1950-х–1980-я гг. Афіцыйная і ўласная пазіцыі беларускіх пісьменнікаў пры асвятленні тэмы Вялікай Айчыннай вайны ў творах І. Шамякіна, В. Быкава, А. Адамовіча. Адлюстраванне лёсаў беларусаў у творчасці І. Мележа. Гістарычная тэматыка ў творчасці У. Караткевіча.

Беларускае савецкае мастацтва ў другой палове 1950-х–1980-я гг. Вызначэнне парадку ажыццяўлення метаду сацыялістычнага рэалізму ў беларускім кінамастацтве. Адлюстраванне тэмы Вялікай Айчыннай вайны ў творах беларускіх скульптараў. Вызначэнне музычных захапленняў беларускай моладзі.

Рэспубліка Беларусь у 1991–2008 гг: станаўленне і развіццё (12 гадзін)

Станаўленне дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі. Значэнне Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце БССР 1990 г. у вызначэнні шляху развіцця Беларусі ва ўмовах нарастання крызісных з’яў. Вызначэнне ролі Белавежскага пагаднення ў спыненні існавання СССР і стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў (далей – СНД).

Грамадска-палітычнае жыццё ў другой палове 1990-х гг. – пачатку XXI ст. Асновы дзяржаўнага ладу суверэннай Рэспублікі Беларусь у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 г. (са змяненнямі і дапаўненнямі, прынятымі на рэспубліканскіх рэферэндумах 1996 і 2004 гг.). Вызначэнне асноў ідэалогіі беларускай дзяржавы.

Дзяржаўная сімволіка Рэспублікі Беларусь. Рэспубліканскі рэферэндум 1995 г. і яго вынікі. Дзяржаўныя ўзнагароды Рэспублікі Беларусь. Героі Беларусі.

Асноўныя напрамкі сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь. Характарыстыка прычын эканамічнага становішча Рэспублікі Беларусь, якое склалася ў першай палове 1990-х гг. Вызначэнне шляхоў пераадолення крызісных з’яў у эканоміцы і пераходу да рыначных адносін.

Вызначэнне ролі рашэнняў Усебеларускіх народных сходаў у сацыяльна- эканамічным развіцці Рэспублікі Беларусь. Характарыстыка сутнасных рыс беларускай мадэлі сацыяльна арыентаванай рыначнай эканомікі і механізмаў яе рэалізацыі.

Індэкс чалавечага развіцця ў Рэспубліцы Беларусь. Вызначэнне прычын дэмаграфічнага становішча ў Рэспубліцы Беларусь. Характарыстыка асноўных накірункаў дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі.

Сусветны фінансава-эканамічны крызіс і вызначэнне шляхоў пераадолення яго наступстваў у Рэспубліцы Беларусь.

Міжнароднае становішча і знешнепалітычная дзейнасць Рэспублікі Беларусь. Характарыстыка ролі суверэннай Рэспублікі Беларусь у абнаўленні дзейнасці Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (далей – ААН). Ініцыятывы Рэспублікі Беларусь у ААН.

Вызначэнне характару інтэграцыі Рэспублікі Беларусь на былой постсавецкай прасторы з краінамі СНД. Месца і роля Беларусі ў Еўразійскім эканамічным супольніцтве. Характарыстыка інтэграцыйнага працэсу Беларусі і Расіі. Вызначэнне перспектыў стварэння Саюзнай дзяржавы паміж Беларуссю і Расіяй.

Характарыстыка геапалітычнага становішча Рэспублікі Беларусь і шматвектарнасці яе знешняй палітыкі. Роля Беларусі ў ажыццяўленні дзейнасці Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе. Вызначэнне перспектыў удзелу Рэспублікі Беларусь у праграмах «Партнёрства дзеля міру» і «Усходняе партнёрства».

Развіццё навукі, адукацыі і культуры ў Рэспубліцы Беларусь. Першы з’езд вучоных Беларусі і роля навукі ў інавацыйным развіцці Беларусі. Характарыстыка працэсу мадэрнізацыі нацыянальнай сістэмы адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь. Вызначэнне становішча беларускай мовы і яе ролі ў захаванні культурна-гістарычнага асяроддзя беларускага народа.

Адлюстраванне гістарычнага мінулага беларускага народа ў творах сучаснай беларускай літаратуры і мастацтва. Дасягненні беларускіх спартсменаў.

Падагульненне вывучанага (1 гадзіна) Рэзерв вучэбнага часу (1 гадзіна)


Другие НПА

Постановление МК РБ №55 от 02.07.2020 Аб зацвярджэнні праекта зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці "Каменная іудзейская культавая пабудова (чысцілішча)" на яўрэйскіх могілках па вул. Магілёўскай у г. Шклове Магілёўскай вобласці Постановление МК РБ №60 от 08.07.2020 Аб зацвярджэнні праекта зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці "Брацкая магiла" ў г.п. Чырвоная Слабада Салігорскага раёна Мінскай вобласці Постановление МЧС РБ №32 от 30.07.2020 Об изменении постановления Министерства по чрезвычайным ситуациям Республики Беларусь от 13 апреля 2020 г. № 15 Постановление Минобразования РБ №206 от 24.07.2020 О признании утратившим силу постановления Министерства образования Республики Беларусь от 5 сентября 2011 г. № 254 Решение Брестский райисполком №1002 от 10.07.2020 Об установлении результатов кадастровой оценки земель, земельных участков Брестского района Решение Лунинецкий райисполком №1194 от 13.07.2020 Об установлении нормативов фактического потребления тепловой энергии за май 2020 года Решение Ляховичский райисполком №712 от 16.07.2020 Об изменении решения Ляховичского районного исполнительного комитета от 5 апреля 2019 г. № 316 Решение Брестский горисполком №1052 от 17.07.2020 Об уменьшении сумм налога на недвижимость и земельного налога Решение Барановичский райисполком №940 от 13.07.2020 Об изменении решения Барановичского районного исполнительного комитета от 25 сентября 2017 г. № 1008 Решение Докшицкий райисполком №560 от 13.07.2020 О передаче под охрану мест обитания диких животных, относящихся к видам, включенным в Красную книгу Республики Беларусь